Знак "Арганічны прадукт"

апублікавана 21.10.2020 11:03


Выкарыстанне знака "Арганічны прадукт" прадугледжваецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2018 г. № 144-З "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі".

Яго апісанне і парадак нанясення ўстаноўлены ў тэхнічным кодэксе ўсталяванай практыкі ТКП 580.

Знак "Арганічны прадукт" інфармуе спажыўцоў аб правядзенні вытворцам неабходных працэдур пацвярджэння адпаведнасці арганічнай прадукцыі патрабаванням усіх тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), якія распаўсюджваюцца на такую прадукцыю і працэсы яе вытворчасці і якіяпаказаны ў сертыфікаце адпаведнасці.

               

Апісанне

Знак уяўляе сабой кола, унутры якога размешчаны лісток расліны і відарысы літар у выглядзе надпісаў "Органический продукт" і "Беларусь","Арганічны прадукт" і "Беларусь", якія могуць быць нанесены як на рускай, так і на беларускай мове.

Надпіс " Арганічны прадукт" размяшчаюць злева направа па верхняй частцы кола, надпіс "Беларусь" – злева направа па ніжняй частцы кола.

Кола, лісток расліны і надпісы наносяцца ў зялёным колеры на белым фоне. У выпадку, калі ў вытворцы адсутнічаюць тэхнічныя магчымасці нанясення знака ў каляровым выкананні, ён можа быць чорна-белым.

Мінімальны базавы размер графічнага відарыса знака – 6 мм. Вытворца можа зрабіць яго больш, прапарцыянальна павялічыўшы ў адносінах да базавага размеру.

 

Парадак нанясення

Знак наносіцца адным з наступных метадаў:

‒ клеймаванне ўпаковачнай адзінкі з дапамогай спецыяльнага кляйма;

‒ нанясенне на ўпакоўку плоскага або рэльефнага відарыса знака з дапамогай спецыялізаванай тэхналагічнай аснасткі;

‒ прымяненне ўпаковачных матэрыялаў і бланкаў таварасуправаджальнай дакументацыі з нанесенымі на іх відарысамі знака;

‒ прымацаванне на арганічную прадукцыю дадзенага знака ў выглядзе ярлыкоў, этыкетак, самаклейных стужак і да т. п.

Прымяняльны метад павінен забяспечваць выразнасць, яснасць і распазнавальнасцьпростым вокам відарыса знака і яго элементаў.

Спецыяльна вырабленыя вырабы з відарысам знака патрэбна замацоўваць на ўпакоўцы спосабам, які выключае магчымасць аспрэчвання прыналежнасці знака да маркіраванай ім прадукцыі і магчымасці паўторнага выкарыстання спецыяльна вырабленага вырабу з відарысам знака.

Знак можа прымяняцца сумесна з тэкстам, які паказвае код органа па сертыфікацыі або нумар сертыфікату адпаведнасці. Тэкст размяшчаюць непасрэдна пад знакам.

Пры выкананні надпісаў метадам плоскага друку павінен выкарыстоўвацца шрыфт напісання Пр3 па ГОСТ 26.020.

Прымяненне знака ажыццяўляецца на добраахвотнай аснове. Ён можа выкарыстоўвацца вытворцам арганічнай прадукцыі пасля правядзення ўсіх неабходных працэдур пацвярджэння адпаведнасці і пры наяўнасці сертыфікату адпаведнасці харчовай прадукцыі патрабаванням, устаноўленым да прадукцыі арганічнай вытворчасці.

Знак таксама можа нанасіцца на суправаджальную, тэхнічную дакументацыю і рэкламныя матэрыялы сертыфікаванай прадукцыі.

У выпадку заканчэння тэрміну дзеяння сертыфікату адпаведнасці, прыпынення або яго адмены, вытворца абавязаны неадкладна спыніць выкарыстанне знака.

Кантроль над правамернасцю выкарыстання знака ажыццяўляе орган па сертыфікацыі, які выдаў дазвол на права прымянення знака.